top of page

Сталі вядомыя лаўрэаткі і лаўрэаты прэміі «Голас пакалення свабоды-2026»

  • Aug 24
  • 2 min read

Сёлета прэмію атрымалі 9 лаўрэатак і лаўрэатаў. Трое асобаў з іх зашыфраваныя і не абвяшчаюцца публічна з меркаванняў бяспекі.


Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.


Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з‑за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве.

Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў і лаўрэатак у зборніку, які будзе прэзентаваны ў лістападзе 2026 года. Асобаў для намінацыі можна было прапаноўваць праз анкету, якую распаўсюджвалі сузаснавальнікі, якія і намінавалі кандыдатаў і кандыдатак..


«Выказваю глыбокую павагу да лаўрэатаў і намінантаў прэміі за тое, што яны рабілі і робяць, як і наогул да ўсіх, чые галасы працягваюць гучаць у гэтыя несвабодныя часы», — зазначыў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.



Публічныя лаўрэаты і лаўрэаткі прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»

  • Наталля Бордак (Наталка Хвоя)

  • Алесь Лозка

  • Аляксандр Манцэвіч

  • Соф’я Савелава

  • Аляксандр Смалянчук

  • Тамара Шчапёткіна

Сёлета ў журы прэміі «Голас пакалення свабоды 2026» уваходзілі Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага), Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр «Вясна») і Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»).


«У нашай гісторыі занадта часта здаралася так, што чалавек усё жыццё будаваў свой дом, сваю справу, сваю Беларусь – а потым мусіў пакінуць усё і пачынаць спачатку. Але ёсць тое, што немагчыма адабраць і вывезці з чалавека. Яго голас. Гэтыя людзі захавалі свае галасы і працягваюць гаварыць, хоць сёння Беларусь не можа іх пачуць у сябе дома. Я веру, што прыйдзе час, калі гэтыя галасы вернуцца дадому», — падкрэсліла Святлана Алексіевіч.


«Узнагароды ў 2026 годзе – гэта найменшае, што мы можам зрабіць для нагадвання пра адданую працу лаўрэатаў на карысць свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека. Нам асабліва прыемна бачыць, што сярод тых, хто атрымае прэмію, прадстаўленыя журналісты. Беларуская незалежная журналістыка ператрывала дзесяцігоддзі ліхалецця і не здалася, нягледзячы на цэнзуру, арышты і рэпрэсіі», - зазначыла Марыя Садоўская-Камлач.


Галасы лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды» – жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні.

7 лістапада 2026 года (субота) у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».

У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:

  • Урачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026

  • Сустрэчы з аўтарамі, абмеркаванні, чытанні і іншыя падзеі, прысвечаныя сучаснай беларускай літаратуры і культурнай спадчыне

Уваход на ўсе імпрэзы вольны. 

Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

 
 
 

Recent Posts

See All

Comments


bottom of page